Тып калекцыі: уладальніцкі.
Аб’ём: на 01.01.2019 г. налічвае каля 700 экз. кніг і дзесяткі назваў навуковых часопісаў.
Храналагічныя рамкі: Літаратура другой паловы XVIII – пачатку XX ст.: 1780–1922. Адно з ранніх выданняў калекцыі – «Kaiser Karl der Vierte, König in Böchmen» чэшскага гісторыка Ф.М. Пельцля, выдадзенае ў 2-х тамах у Празе ў 1780–1781 гг. Калекцыйныя нумары – «БГ766», «БГ412».
Моўная характарыстыка: еўрапейскія і славянскія мовы.
Дадатковыя звесткі: Бібліятэка рускага філолага-славіста К.Я. Грота захоўваецца ў фондзе навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Калекцыя з'яўляецца дакументальнай крыніцай для гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, этнографаў, даследчыкаў станаўлення дзяржаўнасці многіх славянскіх краін і іх унікальных літаратурных моў, нацыянальных літаратур. Частка кніг перайшла да вучонага з бібліятэкі яго бацькі – вядомага расійскага акадэміка, філолага Якава Карлавіча Грота. На гэты факт паказваюць дароўныя надпісы на самых ранніх па даце выдання кніжных экзэмплярах дадзенай славістычнай калекцыі. Яна складаецца з навуковых манаграфій, навуковых зборнікаў, канвалютаў па славянскай філалогіі, гісторыі, этнаграфіі, рарытэтных слоўнікаў, біяграфій славянскіх нацыянальных дзеячаў і герояў, замежнай навуковай перыёдыкі. Большасць кніг і часопісаў на замежных мовах, частка надрукавана гатычным шрыфтам. Сёння кожнаму экзэмпляру прысвоены новы калекцыйны нумар. Адзін з раратэтаў калекцыі – першае ў свеце навуковае выданне стараславянскай граматыкі чэшскага вучонага, патрыярха славістыкі Іосефа Добраўскага «Institutiones linguae Slavicae dialecti veteris», выдадзенае ў Вене ў 1822 г. – экзэмпляр са шматлікімі рукапіснымі праўкамі, уклейкамі і двума тытульнымі лістамі, друкаваным 1822 г. і рукапісным 1843 г., штампам бібліятэкі вучня Добраўскага, містыфікатара В. Ганкі. Калекцыйны нумар – «БГ369».
Уладальніцкія адзнакі: Уладальніцкі штамп: «К. Грот», уладальніцкі штамп: «… Грота». Уладальніцкі запіс чарніламі: «К. Грот». Калекцыя багатая на кнігі і брашуры з дароўнымі надпісамі іх аўтараў, перакладчыкаў, выдаўцоў сыну і бацьку Гротам (на рускай і на іншых славянскіх мовах). Сярод вядомых аўтараў такіх дароўных надпісаў філолаг Я.Ф. Карскі, гісторык царквы І.С. Пальмаў, мовавед Н.М. Пятроўскі, пісьменнік і перакладчык С.У. Штэйн, фалькларыст П.В. Шэйн, філолаг В. Ягіч і інш.
Час паступлення: 1925 г.
Крыніцы:
Сільнова, Л.Д. Славістычная калекцыя «Бібліятэка К.Я. Грота» ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / Л.Д. Сільнова // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; складальнікі: Л.Г. Кірухіна, К.В. Суша. – Мінск, 2009. – Вып. 11. – С. 183–194.
Сільнова, Л.Д. Выданні ХІХ – пачатку ХХ ст. асобных гісторыкаў мовы ў кнігазборы «Бібліятэка К.Я. Грота»: з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / Л.Д. Сільнова // Гістарычнае мовазнаўства ў кантэксце міждысцыплінарных даследванняў: зборнік артыкулаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 25–26 кастрычніка 2017 г.). – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 278–284.
Сільнова, Л.Д. Першае навуковае выданне стараславянскай граматыкі Іосефа Добраўскага ў кнігазборы К.Я. Грота / Л.Д. Сільнова // Матэрыялы XIV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прымеркаваных да 400-годдзя першага «Буквара», Мінск, 26–27 красавіка 2018 г. / Нацыянальная бібліятэка Беларусі ; [складальнікі: Т.А. Сапега, А.А. Суша]. – Мінск, 2018. – С. 177–181.
Регістрацыйны нумар: K-000000019