Тып калекцыі: уладальніцкі.
Аб'ём: на 2024 г. выяўлена больш за 460 экзэмпляраў.
Храналагічныя рамкі: асноўную частку калекцыі складаюць рэдкія і каштоўныя выданні на заходнееўрапейскіх мовах XVII–XIX стст. з друкарняў Еўропы і Расіі.
Моўная характарыстыка: еўрапейскія, руская мовы.
Дадатковыя звесткі: Я.І. Бараноўскі працаваў у органах Міністэрства юстыцыі і ўнутраных спраў Расійскай імперыі, пасля стаў агентам "Рускага таварыства параходства і гандлю", наведваў па справах розныя краіны, шмат часу правёў у Індыі і Кітаі.
Сваё адлюстраванне ў кнігазборы знайшла прафесійная дзейнасць. Ёсць шэраг кніг па гісторыі права, юрыдычная літаратура. Таксама захавалася падборка літаратуры па эканоміцы, эканамічнай тэорыі, сацыяльна-эканамічных і палітычных навуках.
Сярод іх праца па кананічнаму праву нямецкага гісторыка і юрыста К. Вэбера (Stuttgart, 1842), праца французскага дзяржаўнага дзеяча і эканаміста М. Шэвалье аб прамысловай палітыцы і міжземнаморскай сістэме (Paris, 1832) і іншыя.
Значная частка экзэмпляраў прысвечана гісторыі, геаграфіі, этналогіі народаў розных краін. Адзін з найбольш ранніх экзэмпляраў у калекцыі – нюрнбергскае выданне 1622 г. А. Вернера, у якім апісаны краіны і гарады, ад Прагі да Канстанцінопаля, а таксама іх дзяржаўныя дзеячы і кіраўнікі (Nurnberg, 1622).
Таксама прадстаўлены такія выданні пра побыт і культуру краін і народаў свету, як ілюстраваныя лейпцыгскія выданні нямецкага гісторыка і публіцыста К. Ланга, заснаваныя на дарожных нататках аб народах 5 частак свету (Leipzig, 1810 і 1835), даведнік па Македоніі дыпламата Ш.-Э. Гі (Paris, 1857), падарожжа па Турцыі ірландскага даследчыка Р. Уолша (Jena, 1829) і іншыя.
Значную групу складаюць і выданні па мовазнаўстве, філалогіі і літаратуры. У тым ліку падручнікі і слоўнікі замежных моў. Цікавасць уяўляе падборка кніг аб мове, літаратуры і культуры краін Усходу і Азіі.
Асобнымі выпускамі прадстаўлены перыядычныя выданні. Сярод іх выпускі этнаграфічнага зборніка "Ethno-graphisches Archiv" (Jena, 1821–1827), часопіса, прысвечанага крытычным разборам літаратурных і мастацкіх твораў "Kritische Blatter fiir Literatur und Kunst" (Prag, Leipzig, 1857) і дадатак да яго ў форме бібліяграфіі літаратуры, якая адносіцца да славянскіх народаў "Slawische Bibliographic".
Уладальніцкія адзнакі: на дакументах, якія належалі Я.І. Бараноўскаму, як правіла захаваліся экслібрысы ўладальніка, створаныя ў Мюнхене ў 1902–1904 гг. мастаком Бота Шмітам (Schmidt Sh Botho).
Усяго існуе 4 віда экслібрысаў, выкананых у рознай каляровай гаме і на розных гатунках паперы. На ўсіх выява: ў дэкаратыўнай рамцы герб дваранскага роду Бараноўскіх (у шчыце падкова шыпамі ўверх з кавалерскім крыжом у сярэдзіне).
Над шчытом - шлем і карона з каршаком на ўзлёце. У кіпцюрах у каршака падкова з крыжам) і дэвізу на латыні: "Pereant Honores Salvo Honere".
На адным з экслібрысаў размешчаны пейзаж з выявай баброў (выдр?). На большай частцы выяўленых у фондзе экзэмпляраў захаваліся 3 з 4 відаў вядомых экслібрысаў.
Акрамя гэтага, на тытульных лістах, шмуцтытулах, у канцы кнігі, часам на абрэзе ставілася пячатка: "Bibliothéque G. Baranowski". Таксама значная частка кніг з бібліятэчнага збору мае падобны пераплёт. Кнігі афармляліся ў чорную каленкоравы пераплёт, на спінцы змяшчаліся кніжныя ярлыкі рознага колеру з надпісамі ад рукі: уверсе з назвай кнігі, а ўнізе з парадкавым нумарам і датай выдання. Выдавецкі пераплёт захаваўся толькі на 32 выяўленых асобніках.
Час паступлення: 1920-я гг.
Літаратура:
1. Киреева, Г. В. Библиотека Егора Ивановича Барановского в фонде Национальной библиотеки Беларуси / Киреева Г. В. // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. ― Мінск, 1995―. ― 2010. — Вып. 12. ― С. 116―141 : рис.
2. Киреева, Г. В. Егор Иванович Барановский и его библиотека / Галина Киреева // Рэха беларускіх кнігазбораў : лёсы прыватных бібліятэк : зборнік артыкулаў / Нацыянальная бібліятэка Беларусі ; [складальнік Т. І. Рошчына ; пад навуковай рэдакцыяй А. А. Сушы]. ― Мінск, 2018. ― С. 121―138 : рис.
3. Киреева, Г. В. Из истории книжных собраний Могилевщины: библиотека Е. И. Барановского / Г. В. Киреева // Берковские чтения. Книжная культура в контексте международных контактов, 2011 : материалы Международной научной конференции, Минск, 25―26 мая 2011 г. / [редколлегия: Н. Ю. Берёзкина, В. И. Васильев (сопредседатели) и др.]. ― Минск ; Москва, 2011. ― С. 157―160.
Регістрацыйны нумар: K-000000026