Тып калекцыі: відавы.
Аб’ём: каля 1000 экзэмпляраў.
Храналагічныя рамкі: канец XVIII – пачатак XXI ст.
Мовы дакументаў: беларуская, руская, польская, французская, нямецкая і інш.
Дадатковыя звесткі аб калекцыі: калекцыя лістовак навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства разнастайная па змесце і храналогіі.
Лістоўкі як масавая з'ява з'явіліся пасля вынаходніцтва друкарства па меры ўзросту пісьменнасці насельніцтва. Спачатку менавіта ў гэтым выглядзе выдаваліся ўрадавыя дырэктывы. Але падчас Сялянскай вайны ў Германіі ў 1524–1526 гг. пашырыліся агітацыйныя лістоўкі.
У XVIII–XX стст. лістоўкі сталі адной з форм масавай рэвалюцыйнай прапаганды, а таксама шырока выкарыстоўваліся ў перадвыбарчым змаганні. У ваенны час, асабліва ў гады Першай і Другой сусветных войн, лістоўкі выпускаліся ўрадамі і вайсковым камандаваннем. У Расіі ў форме лістовак (ужываліся таксама тэрміны «лятучыя выданні», «лісткі») урад выдаваў у XVIII–XIX стст. маніфесты, указы, звароты да насельніцтва (напрыклад, у перыяд Айчыннай вайны 1812 г.). У часы нізкай пісьменнасці насельніцтва лістоўкі часам выпускаліся без тэксту (напрыклад, у выглядзе карыкатур). Такімі з'яўляюцца рускія лістоўкі антыфранцузскага зместу, што пашырыліся падчас Напалеонаўскіх войн.
На Беларусі рукапісныя лістоўкі вядомы з XVII ст. У форме лістовак былі выкананы звароты да праваслаўных жыхароў гарадоў Магілёва, Оршы і Віцебска, накіраваныя супраць уніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча. Шырока выкарыстоўвалі лістоўкі ўдзельнікі рэвалюцыйнай сацыяльна-дэмакратычнай плыні канца XIX – пачатку XX ст. У 1904 г. сацыял-дэмакратамі Беларусі было выдадзена каля 150 тыс. лістовак, у рэвалюцыю 1905–1907 больш за 350 тыс. асобнікаў. Падчас Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г., нямецкай і польскай акупацый у 1918–1920 гг. на тэрыторыі Беларусі было выдадзена больш за 3 млн асобнікаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны лістоўкі на тэрыторыі Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, партыйныя і дзяржаўныя структуры і інш.
Вядома каля 11 тыс. назваў лістовак накладам больш за 28,5 млрд асобнікаў. У Беларусі нямецкія акупацыйныя ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысавецкія лістоўкі, агульным накладам больш за 3 млн асобнікаў. Акрамя савецкіх і нямецкіх выданняў на Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны польскім падполлем выдадзены лістоўкі антысавецкага і антыфашысцкага характару. Лістоўкі застаюцца важным сродкам масавай інфармацыі і ў наш час. Яны шырока выкарыстоўваюцца ўсімі палітычнымі партыямі, плынямі Беларусі ў перыяд выбараў, падчас правядзення рэферэндумаў і іншых палітычных мерапрыемстваў.
Некаторыя лістоўкі маюць уладальніцкія запісы, пячаткі.
Адной з самых старых лістовак, выяўленых на дадзены момант, з'яўляецца лістоўка Обьявление (О торговле хлебом) ад літоўскага генерала губернатара князя Рэпніна ад 30 сакавіка / 10 красавіка 1795 г., выдадзеная ў Гродне. Яе тэкст надрукаваны паралельна на рускай і польскай мовах.
Сярод лістовак Першай рускай рэвалюцыі, а таксама Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый у Расіі захаваліся шматлікія ўказы, маніфесты Мікалая II, загады, праекты праграм, звароту, аб'явы розных палітычных партый, саюзаў: Учреждение Государственной Думы, Высочайший Манифест : [О роспуске Государственной Думы], Приказ по армии и флоту. 9 марта 1917 года, Голос белорусского народа (1918).
Найбольш шматлікімі з'яўляюцца лістоўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У фондзе НДАК прадстаўлена каля 300 назваў лістовак перыяду 1941–1945 гг.
Уладальніцкія адзнакі: некаторыя лістоўкі маюць уладальніцкія запісы, пячаткі.
Час паступлення: 1945 – па цяперашні час.
Крыніцы:
Листовка // Большая советская энциклопедия : [в 30 т.]. [Т.] 14 : Куна – Ломами. – Москва, 1973. – С. 501.
Ерамаловіч, В. Лістоўка / В. Ермаловіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Т. 4 : Кадэты – Ляшчэня. – Мінск, 1997. – С. 374-375.
Регістрацыйны нумар: K-000000010