Тып калекцыі: відавы.

Аб'ём: каля 2000 асобнікаў.

Храналагічныя рамкі: пачатак XVII–XXI стст.

Мова дакументаў: еўрапейскія, славянскія, каўказскія, урала-алтайскія і інш.

Дадатковыя звесткі аб калекцыі: Калекцыя мініяцюрных выданняў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства з'яўляецца адной з самых цікавых калекцый бібліятэкі. Фонд мініяцюрнай кнігі налічвае каля 2000 тысяч адзінак захоўвання, выдадзеных накладам ад 1 адз. да 1 млн. асобнікаў. Першая друкаваная мініяцюрная кніга «Майнцский Диурналий» была створана ў перыяд зараджэння кнігадрукавання вучнем Іагана Гутэнберга Петэрам Шэфферам у 1468 г. Яе фрагменты захоўваюцца ў Парыжскай нацыянальнай бібліятэцы.

Храналагічны ахоп выданняў калекцыі – пачатак XVII–XXI ст. Адной з самых старых, выяўленых на дадзены момант, з'яўляецца кніга італьянскага кардынала і пісьменніка Андрыяна Кастэлэзі «De sermone Latino...», выдадзеная ў Кёльне ў 1612 г. Ганаровае месца ў калекцыі аддзела займаюць мініяцюрныя кнігі вядомага Выдавецкага дома Эльзевіраў. Эльзевіры друкавалі як фаліянты, так і зусім маленькія кніжкі памерам 8,8 на 4,4 см, як, напрыклад, серыя Малыя краіны. З дадзенай серыі ў аддзеле захоўваецца некалькі выданняў. У прыватнасці «Respublica Hollandie» 1630 г. (24°) – прыпісваецца Эльзевірам «Respublica et Status Regni Hungarie» (Leyden, 1634), «Portugallia» (Leyden, 1641) і інш. Акрамя Эльзевіраў у калекцыі шырока прадстаўлена мініяцюрная кніга і іншых заходнееўрапейскіх выдаўцоў XVII–XVIII стст.

Значная колькасць мініяцюрных кніг – гэта кнігі, выдадзеныя ў савецкі перыяд у Беларусі, Расіі, Украіне і інш. Адной з самых арыгінальных і маленькіх кніг, прадстаўленых у калекцыі, можна па праве назваць маскоўскае выданне «Чудо из чудес» (1985). Памер яго складае 9х6 мм, наклад 200 асобнікаў. Гэта выданне змяшчае выказванні аб кнізе А. С. Пушкіна і М. Горкага. «Чудо из чудес» – самая маленькая з мініяцюрных кніг савецкага перыяду.

Ганаровае месца ў калекцыі мініяцюрных выданняў аддзела займае беларуская кніга. Першая беларуская мініяцюрная кніга была выдадзена ў 1833 г. у мінскай друкарні Стэфановіча. Выданне называлася «Подарок благонравным ученикам и ученицам на новый 1834 год или Нравоучительные детские повести, служащие к образованию ума и сердца». У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца мікрафільм гэтай кнігі. Першымі беларускімі мініяцюрнымі кнігамі, надрукаванымі ў Савецкай Беларусі, з'яўляюцца «XXIII Дзяржынская раенная партканферэнцыя» (Гомель, 1930) і «Ударнікам бальшавіцкага друку» (Мінск, 1932). Сістэматычны выпуск мініяцюрнай кнігі ў Беларусі пачаўся толькі ў 1965 г. са зборніка вершаў і песень вядомага паэта-песенніка Адама Русака «Звонкія крыніцы». Наступнымі выйшлі зборнікі вершаў Я. Коласа і Я. Купалы ў перакладзе на рускую мову. Двухтомнік адрозніваецца арыгінальнасцю, як па афармленні, так і памерам. Яго фармат 37х47 мм роўны памерам запалкавай скрынкі, наклад – 6 тыс. асобнікаў.

Пачынаючы з 1960-х гг. і да сённяшняга дня была надрукавана значная колькасць беларускіх мініяцюрных выданняў. У НДА кнігазнаўства захоўваецца каля 200 асобнікаў мініяцюрных кніг, выдадзеных беларускімі выдавецтвамі.

Уладальніцкія адзнакі: некаторыя мініяцюрныя выданні маюць дароўныя надпісы, уладальніцкія запісы.

Час паступлення: 1945 – па цяперашні час.

Крыніцы: Верас, Н. Я. Калекцыя мініяцюрных кніг навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / Верас Н. Я. // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. – Мінск, 1995–. – 2008. – Вып. 10. – С. 113–121.

Регістрацыйны нумар: K-000000016