Тып калекцыі: прыватная.
Аб'ём: каля 4000 асобнікаў.
Храналагічныя рамкі: 1728–1939 гг.
Мова дакументаў: руская, французская, нямецкая, англійская і італьянская мовы.
Дадатковыя звесткі аб калекцыі: Руская грамадская бібліятэка імя І. С. Тургенева была створана ў Парыжы ў 1875 г. прагрэсіўнай рускай інтэлігенцыяй. Непасрэдным арганізатарам быў малады рэвалюцыянер Герман Лапацін. Фактычным заснавальнікам – Іван Сяргеевіч Тургенеў. З першых месяцаў свайго існавання бібліятэка стала культурным цэнтрам рускай абшчыны. Яе фонды пастаянна папаўняліся мастацкай літаратурай, кнігамі па гісторыі, літаратуразнаўстве, сацыялогіі. Сваёй значнасцю ў той час бібліятэка ў многім была абавязана кіраўніцтву, у склад якога ўваходзілі М. Асаргін, І. Бунін, Б. Зайцаў, І. Шмялёў, М. Алданаў і інш. Калекцыя расла за кошт шматлікіх дароў, завешчаных ёй прыватных збораў, бібліятэк, якія спынілі сваё існаванне. У выніку да пачатку Другой сусветнай вайны ў бібліятэцы было больш за 100 тысяч тамоў. У 1940 г. пасля акупацыі Парыжа нямецкімі войскамі, бібліятэка была зачынена, а потым вывезена ў Германію. У 1945 г. кнігі рускай бібліятэкі былі выяўлены савецкай арміяй на мяжы Польшчы і па загадзе з Масквы былі старанна разабраны і вывезены ў Савецкі Саюз. Кнігі з пячаткамі Тургенеўскай бібліятэкі ў цяперашні час знаходзяцца ў буйных кнігасховішчах Расіі і СНД. У Беларусі кнігі з калекцыі «Тургенеўкі» маюць Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Акадэміі навук Беларусі і Прэзідэнцкая бібліятэка.
Мэтанакіраванае фарміраванне калекцыі «Тургенеўкі» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі было пачата ў 2004 г. Пасля рашэння фондавай камісіі аб перадачы кніг «Тургенеўкі» ў навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, быў створаны адмысловы фонд з прысваеннем калекцыйнага нумары «BRT». Найбольшая колькасць кніг – гэта кнігі, выдадзеныя ў перыяд з 1900 па 1939 г. невялікая частка калекцыі (16 адзінак) – гэта кнігі 18 ст. Сярод старадрукаваных кніг калекцыі цікавасць уяўляюць творы Кацярыны II на французскай мове – Memoires du regne de Catherine, а таксама Instructions adressées par sa Majestré l'Imperatrice de toutes les Russies : à la commission établie pour travailler à l'exécution du projet d'un Nouveau Code de Lois і выдадзенае М. Новіковым першае Полное собрание всех сочинений А. П. Сумарокова в стихах и прозе (1781–1782).
На многіх кнігах з калекцыі ёсць дароўныя надпісы, аўтографы. Калекцыя дароўных надпісаў, аўтографаў «Тургенеўкі» досыць разнастайная. Уладальнікамі кніг у свой час былі вядомыя пісьменнікі, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы. У прыватнасці – Л. М. Вэбер, А. Ф. Анегін, А. А. Ізвольская, А. К. Базілі, Д. Н. Анучын, К. Ф. Хартулары, В. Н. Нікіцін, В. М. Істрын, П. А. Крапоткін і інш. Асобна вылучаюцца кнігі з прысвячэннямі аўтараў бібліятэцы і асобным членам праўлення: А. М. Рэмізава, Н. Н. Берберавай, І. С. Шмелёва, М. Шагала і інш.
Уладальніцкія пазнакі: кнігі, якія ўваходзяць у калекцыю, маюць дароўныя надпісы, уладальніцкія запісы, пячаткі, экслібрысы, суперэкслібры.
Час паступлення: 1945.
Крыніцы: Русская общественная библиотека им. И. С. Тургенева – перекресток духовной жизни России и Франции = La Bibliothèque publique russe I. S. Tourguéniev – carrefour de la vie intellectuelle de la Russe et de la France : [сборник статей] / Культурный фонд «Петербург и зарубежье» ; [научный редактор Н. Я. Олесич]. – Санкт-Петербург : Знаменитые универсанты, 2014. – 147, [10] с.
Русская общественная библиотека им. И. С. Тургенева = La Bibliothèque russe Tourguènev a Paris : сотрудники, друзья, почитатели : сборник статей / [редакторы: Т. Л. Гладкова, Т. А. Осоргина]. – [Изд. дополненное]. – Санкт-Петербург : Благотворительный культурный фонд «Петербург и зарубежье» : Знаменитые универсанты СПбГУ, 2012. – 142, [1] с.
Верас, Н. Я. Калекцыя «Руская грамадская бібліятэка імя І. С. Тургенева» ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / Верас Н. Я. // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. – Мінск, 1995–. – 2012. – Вып. 14. – С. 59–71.
Регістрацыйны нумар: K-000000017