У Рэестр адным з першых быў уключаны каштоўны беларускі кніжны помнік – Жыція святых (Жития святых, Магілёў: Брацкая друкарня, 1702) вядомага царкоўнага дзеяча, пісьменніка свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага (1651–1709). Гэта адзін з самых папулярных твораў сярод праваслаўных хрысціян на працягу некалькіх стагоддзяў.

Тытульны ліст

Тытульны ліст выдання

 

Асаблівасцю дадзенага выдання з'яўляецца наяўнасць на тытульным лісце гравюры г. Магілёва, што важна для знатакоў і даследчыкаў гісторыі Беларусі. На адвароце тытульнага ліста знаходзіцца гравюра «Богаяўленне». Кніга аформлена застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі, а таксама наборным арнаментам.

Гравюра з

Гравюра Богаяўленне, Магілёў, 1702г.

 

Выдавец – Максім Вашчанка, які вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Цікава, што друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, а з 1690-х–1708 гг. кіраваў Магілёўскай брацкай друкарняй.

У дадзеным выданні прасочваюцца сямейныя традыцыі сям'і Вашчанка, бо вядома, што гравёрам па дрэве з'яўляўся Васіль Вашчанка, сын выдаўца М. Я. Вашчанкі, які працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні працяглы час, больш за 30 гадоў (1694–1730 гг).

У выданні прыводзяцца жыццяпісы святых на тры месяцы – верасень, кастрычнік, лістапад. Першая прамова прысвечана новаму году, бо царкоўны год пачынаецца з верасня, а далей змешчаны жыція па календары.

З асаблівасцяў і правененцый выдання можна адзначыць наступнае: на пустым лісце кнігі захаваўся ўладальніцкі запіс, выкананы светла-карычневым чарнілам (датуецца прыкладна канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст.): «Сія книга петр устимыча калинчива». У кнігу таксама ўкладзены фрагмент тэлеграмы Фёдору Калінычаву.

Уладальніцкі запіс

Правененцыі "Жыцій святых", Магілёў 1702г.

Гэты каштоўны асобнік быў падораны бібліятэцы кандытарскай фабрыкай «Слодыч».