Арыгінальны помнік кніжна-пісьмовай культуры Беларусі XVI ст. – «Арыстоцелевы вароты, ці Таемная таемных» («Аристотелевы врата, или Тайная тайных») – рукапісны зборнік, які змяшчае астралагічныя звесткі. Раней ён захоўваўся ў Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры.
У наш час ён захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У навуковым ужытку гэты рукапіс больш вядомы як Віленскі спіс «Таемная таемных», названы так па месцы папярэдняга захоўвання – у Віленскай публічнай бібліятэцы.
У навуковай літаратуры спіс даследаваўся пераважна з пункту гледжання паходжання, саставу і перакладу на «старое западнорусское наречие», што сучаснай мовай можна назваць як старабеларускай мовай або «русским языком Великого Княжества Литовского».